“Не пакідайце дзяцей адных!”
“Не пакідаць дзіця аднаго” – правіла, якое павінна бесперапынна гучаць у галаве ў кожнага з бацькоў. Часта менавіта з-за грэбавання гэтай вялікай праўдай здараюцца непапраўныя трагедыі, якія пакідаюць глыбокі след на сэрца і адклікаюцца невымоўным болем на працягу ўсяго наступнага жыцця. Бо няма нічога горшага за ўсведамленне ўласнай дурной памылкі без магчымасці яе выправіць…
З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэння іх агульнай бяспекі (дома, на вуліцы, адпачынку, вадаёме і інш.) з 3 мая па 1 чэрвеня пройдзе рэспубліканская акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, прымеркаваная да Міжнароднага Дня сям’і і Дня абароны дзяцей, у рамках якой работнікі МНС прывядуць бацькам 1000 і 1 довад, чаму дзецям нельга заставацца дома адным, і раскажуць, як не стаць ахвярамі ўласных памылак.
Мерапрыемствы пройдуць у 4 этапы, у якіх будзе шмат абсалютна новых і сучасных форм работы з патэнцыяльнай мэтавай аўдыторыяй – бацькамі.
Ратавальнікі заклікаюць не пакідаць маленькіх дзяцей адных: вы заўсёды павінны быць побач з імі на адлегласці выцягнутай рукі. Навучайце сваіх дзяцей, абмяркоўвайце з імі пытанні бяспекі і будзьце для іх прыкладам!