Спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажара” (Смалявіцкі раён)

З 23 па 27 верасня на тэрыторыі Жодзінскага сельскага выканаўчага камітэта Смалявіцкага рёна пройдзе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажара».

На працягу пяці дзён супрацоўнікі МНС сумесна з прадстаўнікамі суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў наведаюць домаўладанні жыхароў сельсавета. Асноўная мэта рэйдаў – папярэдзіць пажары ў жылым фондзе і нагадаць аб правілах бяспечных паводзін у побыце.

Асаблівую ўвагу ратавальнікі нададуць сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, адзінокім пажылым людзям, а таксама грамадзянам, якія злоўжываюць алкаголем.

У час наведванняў спецыялісты правераць стан пячного ацяплення, электарпрыбораў і электраабсталявання. Акрамя таго, яны звернуць уагу на наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Такія прылады здольныя своечасова выявіць задымленне і папярэдзіць людзей аб небяспецы яшчэ на ранней стадыі ўзгарання.

Жыхарам таксама нагадаюць, чаму нельга пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду, раскажуць аб наступствах неасцярожнага абыходжання з агнём і асобна звернуць увагу на небяспеку курэння ў ложку.

Актуальнасць прафілактычнай работы пацвярджае статыстыка. Па стане на 16 верасня 2026 года ў Смалявіцкім раёне адбылося 99 пажараў, у якіх загінулі 9 чалавек. За аналагічны перыяд 2025 года было зарэгістравана 80 пажараў, ахвярамі якіх сталі 4 чалавекі.

Трагічныя здарэнні паказваюць, наколькі сур’ёзнымі мгуць быць наступствы парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Так 10 верасня 2026 года ў вёсцы Высокія Ляды  Жодзінскага сельскага савета адбыўся пажар у жылым доме. У выніку загінулі 4 чалавекі. Прычына ўзнікнення пажару і акалічнасці гібелі сям’і высвятляюцца.

Ратавальнікі заклікаюць жыхароў не грэбаваць элементарнымі мерамі бяспекі: сачыць за станам ацяпляльнага і электрычнага абсталявання, устанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, не пакідаць дзяцей без нагляду і захоўваць асцярожнасць пры абыходжанні з агнём.


Памятайце: папярэдзіць пажар значна лягчэй, чым ліквідаваць яго наступствы. Беражыце сябе, сваіх блізкіх і сваю маёмасць.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.